«Гуканне вясны» ці «Сарокі» у дзіцячым садзе
Народнае свята «Гуканне вясны» ці «Сарокі» мае старажытныя і багатыя традыцыі. Адзначалася яно ў канцы сакавіка, калі па павер’ях дзень і ноч «мераецца-раўняецца» (у дзень вясновага раўнадзенства). Рытуалы звязаныя з «гуканнем» (зазываннем) вясны былі заснаваны на імкненні людзей як мага хутчэй наблізіць наступ цяпла — гэта і песні «вяснянкі», карагоды, абрадавыя гульні і танцы, у якіх людзі славілі вясну, птушак і заклікалі сонца. Раніцай гаспадыні пяклі з цеста жаўрукоў (веснікаў вясны), а дзеці з песнямі-заклічкамі ўсаджвалі птушачак у гняздзечкі з саломы на дахі дамоў. Пасля моладзь ішла на пагорак, дзе працягваліся гулянні і весялосць.
Да святкавання «Гуканя вясны» было прымеркавана музычная забава, якая прайшла ў дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 25 г. Магілёва». Выхаванцы з цікавасцю слухалі гісторыю свята, далучыліся да выканання народных песень «Жавароначкі прыляціце», «Свята песенькай сустаракаем», гулялі ў гульні «Сарока», «Грак», «Адгадай чый галасок».
Забава атрымалася дынамічнай і насычанай станоўчымі эмоцыямі. Дзеці з энтузіязмам заклікалі вясну вершамі, танцамі і карагодамі. Адным з галоўных гасцей свята быў жавароначак, які прывёў, нарэшце, вясну і прынёс цёплае сонейка.
Клюева Кацярына Аляксандраўна,
музычны кіраўнік дзяржаўнай установы адукацыі
«Яслі-сад № 25 г. Магілева»




